рыгор барадулин биография на белорусском языке

Рыгор Барадулін

рыгор барадулин биография на белорусском языкеНарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін 24 лютага 1935 года на хутары з паэтычнаю назвай Верасоўка, на Полаччыне (цяпер гэта вёска Гарадок Ушацкага раёна Віцебскай вобласці), у мясцінах, якія здаўна славіліся сваёй далучанасцю да высокай культуры. Пра свой радавод па бацькоўскай лініі, які вядзе вытокі з Прыбалтыкі, паэт расказаў у вершы «Вечалле» (Вечалле — гэта назва аднаго з прыгожых азёр Ушаччыны), па мацярынскай — у «Паэме жытняй скібе»:

Мой дзед, рыжанін Галвіньш.
Механік па млынах.
На грошы быў не галы
I выпіць — не манах.

Маці ж паэта — Куліна Андрэеўна — беларуска, або, як казаў сам Рыгор Барадулін, з карэнных крывічанак. Найперш ад яе атрымаў у спадчыну паэт тонкае адчуванне роднага слова, дзякуючы ёй раскрыліся перад ім невычэрпныя скарбы беларускай мовы. Пазней, у дарослым жыцці Рыгор Барадулін называў сваю маці «стыхійна вялікім філолагам», прысвяціўшы ёй шмат вершаў, паэму «Куліна» і нават кнігу, якую назваў «Евангелле ад мамы».
У 1939 годзе сям’я Барадуліных пераехала ў мястэчка Ушачы. Але неўзабаве пачынаецца вайна і наступае канец бесклапотнаму дзяцінству Рыгоркі. Іван Рыгоравіч — бацька паэта — пайшоў у партызаны, дзе і загінуў падчас блакады ў 1944 годзе. У дадатак да гэтай бяды згарэла і бацькава хата. Аўдавелая маці адна несла на сваіх плячах нястачу і цяжар вайны, гадавала сына, якому так не хапала бацькоўскай ласкі і падтрымкі.

Каторы раз сыходзіў снег.
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: «Прыедзе».

Так перадаў пазней свае тагачасныя адчуванні Рыгор Барадулін у вершы «Бацьку», які быў змешчаны ў яго першым зборніку «Рунець, красаваць, налівацца», выдадзеным у 1961 годзе. Тут паэт выказаў не толькі ўласны сіроцкі боль, але і боль усяго свайго пакалення, якое вымушана было рана сталець і браць на свае плечы адказнасць за жыццё, так і не дачакаўшыся з франтавых дарог бацькоў.
Памяць паэта і ў пазнейшых творах адчувальна захавала і памножыла народны боль і трывогу, звязаныя з тэмай вайны. Рыгор Барадулін у сваёй паэзіі акцэнтуе ўвагу на дыспрапорцыях, на бессэнсоўнасці і несумяшчальнасці вайны з рэаліямі здаровага сэнсу. Для адмаўлення гэтага страшнага свету, свету вайны, ён наўмысна выбірае самыя нечаканыя ракурсы, стараючыся, каб яго голас быў пачуты. Так нараджаліся творы «Палата мінёраў», «Балада Брэсцкай крэпасці», «Блакада»:

На падлозе салома злежыцца.
Прапахне голадам, тыфусам,
Бяздомным бежанцам
Блакада ў патыліцу дыхае,
Нішчымніца — злая дзядзіна.

Усё гэтае ліхалецце паэт спазнаў на ўласным лёсе. Але скончылася вайна і жыццё паступова ўваходзіла ў нармальнае рэчышча штодзённых клопатаў. Як бы цяжка ні было бязбацькавічу, трэба было жыць, дапамагаць мацеры, вучыцца. Вучыўся Рыгор Барадулін ва Ушацкай сярэдняй школе, пасля заканчэння якой у яго на ўсё жыццё засталася добрая памяць пра настаўнікаў літаратуры, якія падтрымалі яго малады талент, увялі ў чароўны свет айчыннай і сусветнай паэзіі. У 1954-1959 гадах Рыгор Іванавіч — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён вучыцца на філалагічным факультэце на адным курсе з Міхасём Стральцовым, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам. Будучыя славутыя пісьменнікі ў тыя часы сустракаліся на пасяджэннях літаб’яднання, дыскутавалі, спрачаліся і, канешне, сябравалі. Часам збіраліся ў інтэрнацкім пакоі на вуліцы Бабруйскай і чыталі свае вершы, гаварылі пра літаратуру.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Рыгор Барадулін жыве ў Мінску, працуе ў рэдакцыях розных газет і часопісаў: «Советская Белоруссия», «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», у выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Ён — паэт яркага і самабытнага таленту. Сёння на яго творчым рахунку больш трыццаці паэтычных кніг для дарослых і дзяцей. За творчыя дасягненні Рыгору Барадуліну прысвоена ў 1994 годзе ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
Рыгор Барадулін — нястомны падарожнік. У розны час і з розных нагод ён наведаў многія краіны свету: Польшчу і Балгарыю, Швецыю і Італію, Латвію і Кубу. У 1984 годзе ў складзе ўрадавай дэлегацыі ён прымаў удзел у працы XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989-1999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.). З’яўляўся членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989 г.). У 1995-1997 гг. быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
Памёр Рыгор Барадулін 2 сакавіка 2014 г. ва ўзросце 79 гадоў у сваёй кватэры ў Мінску. Смерць была раптоўная і імгненная. Развітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага й рыма-каталіцкага абрадаў прайшла 4 сакавіка 2014 году ў Менску ў Касцёле Святых Сымона і Алены. Пахаваны Рыгор Барадулін ва Ушачах побач з магілай маці, як таго і жадаў паэт пры жыцці.

Источник

Апошні народны. Невядомыя факты з біяграфіі Рыгора Барадуліна, якому споўнілася б 85 год

85 гадоў таму, 24 лютага 1935 года, нарадзіўся Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі, класік айчыннай літаратуры. Вашай увазе — цікавыя факты з біяграфіі творцы, а таксама відэа з архіва кінафотафонадакументаў. Вы можаце ўбачыць, як дзядзька Рыгор выступаў перад чытачамі ў Нясвіжы, а таксама як дэкламаваў уласны верш пра Янку Купалу.

рыгор барадулин биография на белорусском языке

Рыгор Барадулін у Баранавічах 8 красавіка 2001 года наведаў рэдакцыю Intex-press. Фота з архіва Сяргея ГОЎШЫ

«Гэта, так бы мовіць, была мая першая мара — злавіць жар-птушку»

Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары ва Ушацкім раёне.

— Ён называўся вельмі прыгожа — Верасоўка, Верасовачка, — расказваў Барадулін журналісту Сяргею Шапрану. — Была гэта голая ўзгоркавая мясціна з пясчанай глебай, на якой рос адзін толькі верас. А ён жа звычайна расце не на голым месцы, а там, дзе лес.

Унізе крынічка біла, але потым усё зруйнавалі — як калгас арганізавалі, — хоць на тым полі і ўраджаю ніколі добрага не было. І нічога цяпер там ужо няма: і той крынічкі, і таго вераса… Праўда, доўга-доўга яшчэ ляжаў велізарны валун, пастухі на ім звычайна вогнішча раскладвалі. Аднак калі я ў апошні раз летась прыязджаў, дык не знайшоў таго валуна, няма яго. Канешне, звёз нехта. Не ў зямлю ж ён пайшоў!

— Зараз ужо дакладна не памятаю, ці мама мне распавядала, ці сам запомніў, як я спрабаваў злавіць бусла, па-вушацку — буцяна, — расказваў дзязька Рыгор пра сваё першае ўражанне дзяцінства (яму было тады два ці тры гады). — І было мне дужа смешна, таму што падпускаў ён вельмі блізка, але ў апошні момант адлятаў. А мне ўсё хацелася за хвост злавіць таго буцяна! Гэта, так бы мовіць, была мая першая мара — злавіць жар-птушку.

У 1937 годзе Верасоўку знеслі, і сям’я Барадуліных пераехала ва Ушачы.

Праз чатыры гады пачалася Вялікая Айчынная вайна, з якой не вярнуўся бацька будучага паэта (загінуў у 1944-м у партызанскім атрадзе). Барадуліна выхоўвала маці.

— Мама ж была для мяне самым лірычным чалавекам на свеце, самым тонкім, самым чулым і самым пяшчотным. І ў той жа час ёй прыходзілася быць не тое што суровай, але трэба было пастаяць за сябе — абароны ж у яе не было. Вельмі цяжкая была ў мамы роля. Гэта недзе і мне перадалося, — згадваў Барадулін у размове з Шапранам.

Адзінае беларускае слова, якое ён убачыў у сталіцы, было «лазня»

У 1954 годзе ён скончыў сярэднюю школу, адправіўся ў Мінск і стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Сталіца БССР шакіравала будучага класіка. Адзінае беларускае слова, якое ён убачыў у сталіцы, было «лазня»…

У тыя гады спачатку ва ўніверсітэт, а потым і ў літаратуру прыйшла цэлая плынь будучых паэтаў і празаікаў. Гаворка пра так званае філалагічнае пакаленне (сярод іх Анатоль Вярцінскі, Янка Сіпакоў, Іван Пташнікаў, Ніл Гілевіч, Вячаслаў Адамчык). Адзін з прадстаўнікоў гэтага пакалення, Генадзь Бураўкін, стаў першым, з кім Барадулін пазнаёміўся ва ўніверсітэце — і потым сябраваў больш за паўстагоддзя.

Наогул дзядзька Рыгор сябраваў з лепшымі беларускімі літаратарамі, якія потым сталі класікамі.

— Патрэбнасць такая, вядома, была, і з кожным па-свойму. На Стральцове я, напрыклад, правяраў радок, гучанне верша, бо гэта быў чалавек высокай культуры і тонкай душы, — расказваў Барадулін нястомнаму даследчыку сваёй творчасці Сяргею Шапрану. — У нас такіх мала. Караткевіч жа валодаў не толькі энцыклапедычнымі ведамі — з ім і жыць было весялей. Дарэчы, ён быў па-сапраўднаму вялікі, таму што ніколі не думаў пра тое, як стаць, куды паглядзець і што сказаць, — ён заўсёды быў натуральны… Наогул кажучы, жыццё ўвесь час зводзіла мяне не тое што са звышлюдзьмі, але з людзьмі адметнымі, не такімі, як усе. І дзякуй лёсу за тое.

У 1959-м Рыгор Іванавіч скончыў БДУ. Калі меркаваць па працоўнай кніжцы, то першыя дзесяць гадоў ён з’яўляўся рэдактарам газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка» і «Полымя». У 1969-м ён перайшоў у выдавецтва «Беларусь», а ў 1972-м — у «Мастацкую літаратуру», якой аддаў больш за дваццаць гадоў працы.

Але ўвесь гэты час ён друкаваўся і выступаў у друку як паэт і перакладчык. Першы верш ён апублікаваў яшчэ школьнікам у газеце «Чырвоная змена», а ўжо ў 1959-м выйшла яго першая кніга «Маладзік над стэпам».

Верш — мільённым накладам

У 1960-я Барадуліна выдавалі надзвычай часта. Ён уваходзіў у топ-5: пасля Якуба Коласа, Івана Шамякіна і Міхася Машары. Тады ў дзядзькі Рыгора выйшла 10 кніг агульнай колькасцю 608 200 асобнікаў. Самы высокі наклад у зборніка «Раскидач: веселые стихи» (1969) — 450 тысяч.

Дарэчы, другі раз ён трапіць у топ у 1980-я: апошнія сытыя гады для кнігавыдавецтва. Кнігі Рыгора Барадуліна выдаюцца мільённым тыражом (верш «Слыхал?», 1983), Васіля Быкава — таксама. Больш кніг, чым у Быкава і Барадуліна, выдаецца толькі ў двух аўтараў: Максіма Танка і Артура Вольскага.

Праўда, колькасць — усяго на рахунку Барадуліна больш за 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ і перакладаў — не ўплывала на якасць (гучыць на дзіва банальна, але затое праўдзіва). Яго вершы «Трэба дома бываць часцей», «Бацьку» («Не выйшаў ты і ў гэты раз. Мяне спаткаць, паднесці рэчы»), «Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы» становяцца класікай.

Гэтыя, а таксама іншыя творы дзядзькі Рыгора можна паслухаць на відэа ніжэй — свае любімыя вершы па просьбе чыталі група Navi, тэлевядучы Юрый Жыгамонт, прадзюсар Уладзімір Максімкаў ды іншыя.

Апошні народны паэт

У 1992-м Рыгор Іванавіч стаў народным паэтам Беларусі — як высветлілася, апошнім. Больш не прысвойваць званне прапанаваў Ніл Гілевіч, з якім, трэба прызнацца, у Барадуліна былі напружаныя адносіны. Хадзілі чуткі, што Ніл Сымонавіч хацеў стаць апошнім народным паэтам, але яго пераканалі адзначыць і заслугі Барадуліна.

— Гэта ідэя [прысвоіць званне] была Бураўкіна, яе падтрымаў Станіслаў Шушкевіч, — згадваў сам Барадулін.

Сімвалічна, што апошняй кнігай Рыгора Іванавіча, выдадзенай пры яго жыцці, стаў «Вушацкі словазбор», куды ўвашлі слоўнік, народны каляндар, прыказкі, пажаданні і стравы яго малой радзімы. Паэт збіраў іх усё жыццё.

— Я ў Мінску чужы. Я тут як у камандзіроўцы. І ратуюся толькі словам. Думкамі ж, успамінамі — там, у Вушачах. Там мае карані і мая душа, — прызнаваўся Барадулін.

Паэт памёр 2 сакавіка 2014 года. Яму было 79 гадоў. Згодна з яго апошняй воляй, Рыгора Іванавіча пахавалі на малой радзіме. На пахаванні Уладзімір Някляеў зачытаў ліст ад Генадзя Бураўкіна, які не змог прыехаць па стане здароўя:

— Ты — з намі. Мы дыхаем з табой. Жывём з табой. Ты будзеш жыць доўга побач з Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым. Не хачу і не магу сказаць: жыў. Не маю права. Не мела права і здарыцца тое, што здарылася. Ты — з намі.

У 2015-м на магіле з’явіўся помнік — валун з высечаным на ім крыжам вагою 2,5 тоны. На ім высечаны надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935−2014». Побач знаходзіцца магіла маці Рыгора Іванавіча, на помніку напісана «Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна». Гэты валун на магілу паэта пры дапамозе верталёта паставілі ратавальнікі. Як прызнаваліся самі спецыялісты, для іх гэта быў гонар.

З-за адсутнасці добрых перакладаў не атрымаў Нобелеўскую прэмію

Засмучае толькі, што памяць пра Барадуліна так і не ўшанавана належным чынам.

— Хацелася б дачакацца не толькі поўнага, акадэмічнага збору твораў Барадуліна, але каб у Мінску і ў родных барадулінскіх Вушачах з’явіліся вуліцы ягонага імя, каб зноў жа ў Мінску і ў Вушачах былі помнікі паэту і мемарыяльныя шыльды на тых дамах, дзе жыў дзядзька Рыгор, каб адкрыўся ягоны музей — у Мінску ці зноў жа ў Вушачах, — казаў у інтэрв’ю Сяргей Шапран. — Каб творчасць Барадуліна больш шырока вывучалася ў школах і каб нарэшце была перагледжана школьная праграма, бо самога Барадуліна засмучала тое, якія менавіта ягоныя вершы вывучаюцца ў школе.

Засмучае і адсутнасць годных перакладаў паэзіі Барадуліна на іншыя мовы свету.

— Менавіта адсутнасць такіх перакладаў і сталася, мусіць, найгалоўнай прычынай таго, што Рыгор Барадулін так і не атрымаў Нобелеўскую прэмію, — лічыць Шапран. — Безумоўна, памылку гэтую ўжо не выправіць, але ўсе мы разам здольныя зрабіць многае, каб імя Барадуліна было вядомае не толькі нам, сучаснікам паэта, але і тым, хто прыйдзе пасля нас.

Источник

Беларуская літаратура. 11 клас

Рыгор Барадулін

Біяграфія

рыгор барадулин биография на белорусском языке

рыгор барадулин биография на белорусском языкеДолі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння:
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
да галашэння.

Рыгор Іванавіч Барадулін лічыў, што яму пашанцавала нарадзіцца ў літаратурным рэгіёне, бо яго землякамі былі Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Еўдакія Лось. А на віцебскай зямлі, у тым ліку на Полаччыне, Ушаччыне, спакон веку скрыжоўваліся гістарычныя шляхі і інтарэсы нашых мужных продкаў з рознымі заваёўнікамі. Гэта вельмі яскрава адаб’ецца пазней у творчасці Р. Барадуліна: «Віцебшчына! // Ты лёсам // Ня выпешчана — // Ты войнамі // Выпесчана. »

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У маленстве жыццё адкрывалася з самага блізкага наваколля: са студні, што выкапаў бацька, каля якой дражніўся з хлапчуком бусел, быццам абяцаючы дацца ў рукі; вярбы, што стаяла непадалёку ад студні. «Помніць сябе, — успамінаў Р. Барадулін, — пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Жнейкі жнуць. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе. » З басаногага маленства на ўсё жыццё засталася жыць у душы матчына песня.

Сваю матулю, звычайную беларускую сялянку, працаўніцу і песенніцу Акуліну Андрэеўну, паэт пазней назаве «стыхійна вялікім філолагам». Гэта менавіта яна і бабуля па мацярынскай лініі — Малання Несцераўна, якая ведала многа казак, песень, «прыбабунек», — удыхнулі ў душу хлапчука любоў і чуйнасць да роднага слова. Бацька будучага паэта, Іван Рыгоравіч, хадзіў у мястэчка Ушачы цяслярыць. Толькі вечарамі пасля работы яны бачыліся: бацька расказваў, чым займаўся, а сын любіў шукаць за пазухай у яго гасцінец — то абаранак, то драбок цукру. Калі хлопчыку было чатыры гады, сям’я пераехала з Верасоўкі ва Ушачы, дзе Іван Рыгоравіч здолеў збудаваць сваю хату. Вясной 1941 года бацька з сынам пасадзілі ля весніц той хаты кволае дрэўца, малады вяз.

Вялікая Айчынная вайна адбілася ў свядомасці Р. Барадуліна шэрымі, як хмары, натоўпамі палонных чырвонаармейцаў, параненых і панурых. Іх праз мястэчка гналі гітлераўцы ў лагер. З часам паўшэптам стала вымаўляцца слова «партызаны», а потым ушацкія, лепельскія, бягомльскія лясы сталі партызанскай зонай. Спачатку Ушачы былі заняты гітлераўцамі, а потым мястэчка адбілі ў акупантаў партызаны. Сюды часта прыляталі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы. Сям’я Барадуліных, як і суседзі, дзеля бяспекі пабудавала сабе зямлянку. Бацька стаў партызанам. Маці шыла для народных мсціўцаў маскхалаты з парашутнага шоўку.

Вясной 1944 года фашысты пачалі рашучыя атакі на партызанскую зону. Лясныя салдаты вымушаны былі хутка адступаць, пакідаючы мірнае насельніцтва, безабаронных жанчын, старых і малых. Таму маці з Рыгорам і суседзямі вырашылі ўцякаць у пушчу, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае, што можна было панесці. Хлапчуку запомнілася, як цяжкапараненыя партызаны прасілі таварышаў, каб тыя застрэлілі іх, толькі б не трапіць жывымі ў рукі ворагу. Калі гітлераўцы адыходзілі пры наступленні Савецкай арміі, яны спалілі бацькаву хату. Паэт успамінаў: «Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі».

Пасля вайны сям’я чакала гаспадара. Не верылася, што ён загінуў. Доўгія гады ў сэрцы Акуліны Андрэеўны і сына жыло спадзяванне. У аўтабіяграфічных нататках Р. Барадулін пісаў: «А мама чакала да канца дзён свайго Івана, бацьку майго. Пыталася ва ўсіх, ці бачылі, ці чулі, ці помняць партызана Івана Барадуліна. Адны казалі, што нібыта паранены сам сябе ўзарваў, другія — што загінуў у вёсцы Белае. Ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць». У памяці сына бацька застаўся мужным і добрым, працавітым і жартаўлівым рамантычна-казачным волатам, які любіў сваю зямлю і працу на ёй.

Пасляваенныя гады ў жыцці Р. Барадуліна былі ў многім тыповыя для пакалення хлапчукоў-бязбацькавічаў і іх нястомных працаўніц-матуль, што засталіся ўдовамі.

Ва Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся будучы пісьменнік, былі любімыя настаўнікі, якія давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікавасць да роднага слова. Сярод іх — Ефрасіння Міхайлаўна Карабань, на ўроках у якой па-хлапечы шчыра закаханы вучань Р. Барадулін, стараючыся з усёй сілы звярнуць на сябе ўвагу, часта круціўся і парушаў дысцыпліну. Муж любімай настаўніцы, Алесь Антонавіч Карабань, стаў пазней дырэктарам школы. Ад яго будучы паэт упершыню пачуў літаратурна правільную, пявучую, сакавітую беларускую мову. Старшакласнікам у школе і ў раённым Доме культуры ён удзельнічаў у вечарах мастацкай самадзейнасці, быў чытальнікам, напісаў нават сваю байку і чытаў яе. Вершамі пачаў пісаць першыя прызнанні дзяўчатам-аднакласніцам.

рыгор барадулин биография на белорусском языкеАкуліна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай, вяла гаспадарку, а ў вольны час, звычайна начамі, шыла. Яна марыла даць адукацыю сыну, збірала і адкладвала капейку да капейкі. «Заказаў было досыць ад раённай знаці дый ад бедных местачкоўцаў, бо магла. пашыць. і з нічога нешта. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Калі сонца спіць, ніхто не бачыў», — пісаў пазней паэт. I ў светлыя, і ў цяжкія часіны Акуліна Андрэеўна звярталася да Бога са шчырай малітвай, навучыла ў маленстве і сына паўтараць услед за ёй «Ойча наш». У піянерах Р. Барадулін не быў, бо маці лічыла іх бязбожнікамі. У старшых класах стаў камсамольцам. Бабуля Малання была ўніяткай, запомнілася ўнуку апранутай на святы ва ўсё беленькае, чысцюткае, а таксама тым, як малілася па-беларуску.

Глыбока народным укладам жыцця сям’і, песнямі, казкамі, прыказкамі, замовамі, лічылкамі, дражнілкамі, выслоўямі, якія пераняў з маленства Р. Барадулін ад матулі і бабулі, абуджалася ў душы паэта адчуванне прыгажосці і бясконцай глыбіні роднага слова. Народна-песенныя матывы пазней трывала ўвойдуць у яго творчасць. I невыпадкова ў паэзіі Р. Барадуліна так многа твораў — прысвячэнняў матулі, трывушчай і прыгожай душой беларускай жанчыне.

Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Рыгор Барадулін называў сваім першым літаратурным настаўнікам. Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха «Першыя крокі». Там упершыню з’явіліся вершы старшакласніка Р. Барадуліна — аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы. У выпускным класе ён разам з аднакласнікам Алесем Лобкісам надрукавалі ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» допіс пра свята песні ва Ушачах. Абодвух юнакоў ужо вабіла журналістыка. У газеце «Звязда» Р. Барадулін пазнаёміўся з умовамі прыёму ў БДУ ў Мінску. Матуля праводзіла са словамі: «Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся». Было гэта ў 1954 годзе. Праз гады паэт спасціг велічны подзвіг маці, удавы-працаўніцы, сакральную ролю ў яго жыцці родных мясцін, Ушаччыны, дзе пачынаўся і дзе скончыўся яго зямны шлях.

Там мой цень, худы і малады.
Там мой сон, бясхмарны, бестурботны.
У зімовых шапках халады
Перабельваюць снягоў палотны.
Там мой першы смех і першы плач,
Роспач першая і першы сподзеў.
Там я так і не сказаў прабач
Смутнай маме,
Калі ў свет выходзіў.
Там сядзяць на покуце Дзяды.
Там чакаюць добрыя нагоды.
Толькі й тым жывуць мае гады,
Каб туды вярнуцца
Назаўсёды!

У Мінску многае было ўпершыню: упершыню ехаў у трамваі, упершыню апынуўся ў асяроддзі маладых, захопленых роднай мовай і літаратурай хлопцаў і дзяўчат, пасяліўся ў студэнцкім інтэрнаце. У аўдыторыю прыйшлі дасведчаныя, аўтарытэтныя выкладчыкі. Універсітэт адкрыў Р. Барадуліну новага, «нехрэстаматыйнага», вялікага Янку Купалу. Сваімі літаратурнымі настаўнікамі Р. Барадулін лічыў П. Броўку, П. Панчанку, А. Вялюгіна. У адзін час з ім вучыліся цікавыя, адметныя маладыя людзі, будучыя пісьменнікі, філалагічнае пакаленне: Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Васіль Зуёнак, Юрась Свірка, Мікола Гіль, Еўдакія Лось, Уладзімір Верамейчык. Іх аб’­ядноўвалі любоў да роднага слова, жаданне кожнага служыць беларускаму прыгожаму пісьменству, Бацькаўшчыне. Гэтаму спрыяла і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне пасля развянчання культу асобы Сталіна.

Рыгор Барадулін пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё са шчырым і непасрэдным Уладзімірам Караткевічам, які ўжо тады здзіўляў аднагодкаў сваёй адукаванасцю. Маладым шумлівым гуртам часта збіраліся ў інтэрнацкім пакоі Р. Барадуліна, каб паслухаць яго вершы. Літаб’яднанне пры газеце «Чырвоная змена» было асяроддзем, дзе творча раслі і сталелі пачаткоўцы. У 1953—1954-м і наступных гадах вершы маладога паэта друкаваліся ў шматтыражцы БДУ, газеце «Чырвоная змена» пад псеўданімам Алесь Чабор.

На фарміраванне светапогляду, літаратурных густаў і грамадзянскіх перакананняў паэта паўплывалі творчыя пошукі філалагічнага пакалення і шчырае сяброўства маладых таленавітых творцаў. Дэмакратычныя змены ў грамадстве радавалі і акрылялі маладых шчырых энтузіястаў, якімі былі ў канцы 1950-х — 1960-я гады Р. Барадулін і яго пакаленне. Ён, як і многія студэнты-камсамольцы, тры гады працаваў на цаліне. Маладыя рамантыкі сутыкнуліся там з цяжкасцямі, неўладкаваным бытам, але ўсведамленне патрэбнасці і вялікага сэнсу сваёй працы па асваенні стэпу дадавала сілы і працоўнага натхнення. Гэтымі думкамі і пачуццямі былі прасякнуты «цалінныя» вершы. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» адзначана ў 1957 годзе сярэбраным медалём VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Яна склала асноўны змест першага зборніка паэзіі «Маладзік над стэпам», што быў выдадзены ў 1959 годзе.

Яшчэ студэнтам Р. Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1959 годзе ён скончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літкансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», пазней — у рэдакцыях часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя». Гэта праца была звязана з камандзіроўкамі на прадпрыемствы, у гаспадаркі. Даводзілася многа бываць у іншых рэспубліках СССР, сустракацца з цікавымі людзьмі, калегамі па літаратурнай творчасці.

Сапраўднымі падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Свята пчалы» (1975), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Аратай, які пасвіць аблокі» (1995), «Руны Перуновы» (2006), «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (2013).

Творы Р. Барадуліна апошніх дзесяцігоддзяў вызначаюцца багаццем зрокавых, гукавых, канкрэтна-пачуццёвых асацыяцый, метафар, сугуччаў. Тэма Бацькаўшчыны, асэнсаванне гістарычнага шляху Бе­ларусі, над якой пранёсся знішчальны шквал Чарнобыля, рысы беларускага нацыянальнага характару і іх сувязь з культурна-гераічным і асветніцкім мінулым і іншыя праблемы сучаснасці, будучыні, жыццядзейнасці нацыі — усё гэта глыбока і таленавіта асэнсоўваецца ў паэзіі Р. Барадуліна. Ён вядомы і як арыгінальны дзіцячы пісьменнік, і як аўтар гумарыстычных і сатырычных твораў, і як перакладчык на родную мову такіх знакамітых мастакоў слова, як Ян Райніс, Іван Драч, Амар Хаям, Уільям Шэкспір, Адам Міцкевіч, Сяргей Ясенін, Расул Гамзатаў і інш. Многія вершы Р. Барадуліна пакладзены на музыку. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету.

Рыгор Барадулін быў актыўным грамадскім дзеячам. У розныя гады пабываў у многіх краінах свету, прымаў удзел у рабоце ХХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, выбіраўся ў прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1992 годзе яму было прысуджана ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Яго актыўная рознабаковая пісьменніцкая і грамадская праца адзначана ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Ф. Скарыны і іншымі ўзнагародамі. Свой пісьменніцкі і грамадзянскі абавязак Р. Барадулін бачыў у тым, каб дапамагчы людзям знайсці згоду паміж сабой, каб яго народ жыў шчасліва, а лю´бая Беларусь была прыгожым і адметным краем у гарманічна ўпарадкаваным свеце.

Паэта не стала 2 сакавіка 2014 года. Па запавеце Р. Барадуліна яго пахавалі на радзіме, ва Ушачах, побач з матуляй Акулінай Андрэеўнай.

Источник

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *